Заснавальнік гэтай працоўнай дынастыі — Уладзімір Панцялеевіч Кашкаха (1938–2008). Ён нарадзіўся на Паўночным Каўказе ў Краснадарскім краі. У 25 гадоў па камсамольскай пуцёўцы прыехаў Уладзімір Панцялеевіч у Гродна на будаўніцтва нашага прадпрыемства, удзельнічаў у яго пуску. Цэх па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання — першае і адзінае месца працы В. П. Кашкахі на «Азоце», якому Уладзімір Панцялеевіч аддаў трыццаць пяць працоўных гадоў. Пачынаў электраманцёрам, працаваў па самым высокім, сёмым разрадзе. У 1967 годзе стаў начальнікам змены. Паралельна скончыў Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У студзені 1988 года атрымаў новую пасаду — начальніка ўчастка эксплуатацыі падстанцый, адкуль і пайшоў у 60 гадоў на заслужаны адпачынак.
Уладзіміра Панцялеевіча добра ведалі не толькі ў цэху, але і ў цэлым на прадпрыемстве і шанавалі як дасведчанага прафесіянала, майстра сваёй справы. Ён пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 і 1975 гадоў, узнагароджаны медалём у гонар 100-годдзя з дня нараджэння Леніна. На працягу 10 год В. П. Кашкаха з'яўляўся сакратаром цэхавай партыйнай арганізацыі, актыўна займаўся грамадскай працай.
З «Азотам» звязаны быў лёс і Галіны Мікалаеўны Кашкахі (1941–1995), жонкі Уладзіміра Панцялеевіча. Яна доўгі час працавала машыністам кампрэсарных установак у цэху аміяк-1. Яшчэ зусім маладой жанчынай у 45 гадоў пайшла на пенсію, выпрацаваўшы працоўны стаж па шкоднасці, але працягвала працаваць, праўда, не на вытворчасці, а ў Палацы культуры хімікаў. Узнагароджана медалём «Ветэран працы».
Прадаўжальнікам працоўнай дынастыі сям'і Кашкаха з'яўляецца сын Уладзіміра Панцялеевіча і Галіны Мікалаеўны — Яўген. Яго імя вядома не толькі на нашым прадпрыемстве і ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі. Сёння ён інструктар фізкультурна-спартыўнага клуба ААТ «Гродна Азот», трэнер па мотаболе. А пачыналася яго працоўная біяграфія ў далёкім 1978 годзе, калі ён упершыню пераступіў прахадную «Азоту». Працаваў электрыкам у электрацэху, затым электраслесарам у цэху капралактам-2.
У 1989 годзе Яўген Уладзіміравіч перайшоў працаваць у спартыўна-тэхнічны клуб нашага прадпрыемства трэнерам па мотаболе. Каманда пад яго кіраўніцтвам чатыры разы станавілася бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі і выходзіла ў фінал Кубка РБ. Два спартсмены з каманды ў складзе нацыянальнай зборнай нашай краіны ўдзельнічалі ў чэмпіянаце Еўропы. Адзін з іх — сын Яўгена Уладзіміравіча Віталь. Праўда, ён пакуль не працуе на «Азоце», вучыцца на пятым курсе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Але выступаючы за каманду прадпрыемства, уносіць дастойны ўклад у фарміраванне спартыўнага іміджу ААТ «Гродна Азот». Пацвярджэннем таму — яго званні і дасягненні: Віталь Кашкаха — майстар спорту міжнароднага класа, двухразовы сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў Еўропы, удзельнік чэмпіянатаў Расійскай Федэрацыі па мотаболе.
З 1982 года на «Азоце» працуе жонка Яўгена Уладзіміравіча — Тамара Міхайлаўна. Яна апаратчык газападзелу ў аддзяленні газавай сыравіны цэха метанолу. У калектыве Тамара Міхайлаўна карыстаецца аўтарытэтам і павагай, працавіты і дысцыплінаваны працаўнік.
Па прыкладзе бацькоў працуе на прадпрыемстве і дачка Вікторыя. Пасля заканчэння Гродзенскага хіміка—тэхналагічнага тэхнікума прыйшла яна апаратчыкам у цэх азотнай кіслаты і вадкіх азотных угнаенняў. Сёння з'яўляецца студэнткай трэцяга курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, асвойвае спецыяльнасць «хімік-тэхнолаг».
(2008 г.)