Гэтымі днямі практычна ўсе мерапрыемствы на найбуйнейшым інтэрнацыянальным форуме прысвечаны нашай краіне. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае прэм'ер—міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка.
У афіцыйнай праграме — цырымонія адкрыцця Нацыянальнага дня, наведванне беларускага і эмірацкага павільёнаў, а таксама правядзенне Беларускага інвестыцыйнага форуму.
Экспа—2020 – гэта міжнародная выстава, якая ставіць перад сабой мэту змяніць будучыню чалавецтва праз тэхналагічныя інавацыі. Аб інавацыях і інвестыцыях ішла размова падчас прэзентацыі экспартных магчымасцей беларускай нафтахіміі. Як паведамляе афіцыйны сайт Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выставе «Экспа—2020» у Дубаі, увазе наведвальнікаў прадстаўлена прадукцыя і тэхналогіі прадпрыемстваў па здабычы, перапрацоўцы і транспарціроўцы нафты, нафтапрадуктазабеспячэнні, хіміі і нафтахіміі, шэраг навуковых, праектна—канструктарскіх, арганізацый — усяго шэсць арганізацый. Гэта — вядучыя вытворцы мінеральных угнаенняў, хімічных ніцей і валокнаў, шын, палімераў: ААТ «Гродна Азот», ААТ «СветлагорскХімвалакно», ААТ «Нафтан», ААТ «Полацк—Шкловалакно», ААТ «Белшына», ААТ «Магілёўхімвалакно».
На чале дэлегацыі топ—мэнэджараў гэтых прадпрыемстваў — намеснік старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Уладзімір Сізоў. У сваім дакладзе асаблівы акцэнт ён зрабіў на інвэстыцыйных праектах.
Пасля прэзентацый адбыліся двухбаковыя перамовы аб супрацоўніцтве з кампаніямі з ААЭ і іншых краін.