З 3 па 5 чэрвеня 2021 года Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь праводзяць Міжнародную спецыялізаваную экалагічную выставу—форум ECOLOGY EXPO — 2021.
У рамках мерапрыемства сфарміравана шырокая выставачная і дзелавая праграма, правядзенне 16—га Рэспубліканскага экалагічнага форуму, пленарных дыскусій, круглых сталоў, бізнес—сустрэч. Удзел у гэтым бяруць прадстаўнікі ААТ «Гродна Азот».
Мерапрыемствы прымеркаваны да Года народнага адзінства. «Удзел у іх — унікальная магчымасць для росту дзелавой актыўнасці, абмену перадавым і міжнародным вопытам у экалагічнай сферы», — падкрэслілі ў прэс—службе Мінпрыроды.
У час выставы—форуму будзе прадэманстраваны комплекс інавацыйных ідэй, вытворча—тэхналагічных дасягненняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў. У ліку прыярытэтаў — работа па дасягненню мэт устойлівага развіцця, пераход на «зялёныя» тэхналогіі, падтрымка ўстойлівых мадэляў спажывання і вытворчасці, экалагічна дружалюбны лад жыцця.
Асноўная тэма XVI Рэспубліканскага экалагічнага форуму — уцягванне грамадзянскай супольнасці ў прыняцце экалагічных рашэнняў. Работа будзе арганізавана ў фармаце пленарнага пасяджэння і тэматычных секцый, а таксама розных акцый, прэс—мерапрыемстваў, канцэртнай праграмы, рэспубліканскіх конкурсаў экалагічнай накіраванасці.