Сталіца Башкартастана на некалькі дзён ператварылася ў аграрны цэнтр Расіі. Там пачалі работу 32—я міжнародная спецыялізаваная выстава «АграКомплекс» і аграпрамысловы форум. Яго ўдзельнікі — прадстаўнікі розных куткоў Расіі і Беларусі — абмяркоўваюць развіццё галіны і прадстаўляюць сваю ўнікальную прадукцыю. Ад ААТ «Гродна Азот» пазнаёміцца з вопытам калег ва Уфу адправіліся намеснік генеральнага дырэктара па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце, які курыруе сельскагаспадарчую сферу, Рамуальд Барсук, начальнік аддзела аналізу і маніторынгу дзейнасці сельскагаспадарчага прадпрыемства Валянцін Прэцкайла, дырэктар УСП «Новы Двор—Агра» Дзяніс Турак і дырэктар УП «Лаздуны—Агра» Браніслаў Вершэль.
Выстава «АграКомплекс» сёння набывае асаблівае значэнне, паколькі ўяўляе сабой маштабную мадэль рынку найноўшага абсталявання, тэхналогій, хіміі, угнаенняў і ветэрынарных прэпаратаў ва ўмовах імпартазамяшчэння.
Таксама гасцям мерапрыемства прапанавана насычаная дзелавая праграма. Сярод асноўных напрамкаў: кааперацыя ў АПК, комплекснае развіццё сельскіх тэрыторый, біялагізацыя земляробства, агратэхналогіі ва ўмовах змянення клімату, геномная селекцыя, вытворчасць малака, тэхналагічная мадэрнізацыя галіны, экспарт, ветэрынарыя і развіццё пчалярства. Цэнтральная падзея аграпрамысловага форуму — пленарнае пасяджэнне на тэму «Вытворчасць прадуктаў харчавання з «нулявым» вугляродным следам».
Мерапрыемствы працягнуцца да 25 сакавіка.