Народны хор “Росніца” заснаваны ў 1977 годзе пры Палацы культуры хімікаў. З 1986 года хорам нязменна кіруе Таццяна Аляксандраўна Бандарэвіч. У 1998 годзе калектыву было прысвоена званне “народны”. У 2007 годзе хор “Росніца” падцвердзіў найменне “народны аматарскі калектыў”. Сярод удзельнікаў калектыву асноўную частку складаюць працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Гродна Азот”, а таксама некалькi прадстаўнікоў іншых працоўных калектываў г.Гродна.
Увесь шматгадовы час свайго існавання “Роснiца” заўсёды вядзе вялікую творчую працу па прапагандзе, распаўсюджванню і папулярызацыі беларускай нацыянальнай песеннай культуры, вывучэнню і захоўванню старажытных абрадаў і святаў. Так, калектыў неаднаразова з’яўляўся ўдзельнікам гарадскіх конкурсаў, нацыянальных святаў і абрадаў у Гродне, па выніках якiх заўсёды атрымліваў званне Лаўрэата, iмкнуўся ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсных фэстах паміж харавымі калектывамі. За апошнія гады хор “Росніца” быў узнагароджаны Дыпломам за ўдзел у тэлевізійным конкурсе “Песні маёй краіны”, стаў Лаўрэатам ІІІ ступені ў ІІІ-ім абласным конкурсе харавых калектываў “Над сінім Нёманам”.
Самадзейных артыстаў зусім не стамляе вялікая канцэртная дзейнасць, якую праводзіць хор “Росніца”. Вельмі любяць азотаўцы прымаць роснiнцаў у чырвоных кутках, а то i проста ў вытворчых цэхах роднага прадпрыемства ў прадсвяточныя дні. Часты госць “Роснiца» таксама ў санаторыі “Жамчужына”, на юбілеях і iншых урачыстасцях працаўнікоў “Азота”, ветэранаў вайны і працы. “Росніца” з задавальненнем дорыць сваё майстэрства жыхарам г.Гродна і Гродзенскай вобласці на шматлікіх святах і масавых гуляннях. Хор “Росніца” удзельнічаў у святочнай праграме для працаўнiкоў сяла “Дажынкi-2010”, неаднаразова – у “Слявянскiм базары” у Вiцебску, з гонарам прадстаўляў Беларусь на ўрачыстасцях, прысвечаных Грунвальдскай бітве ў Літве і Польшчы, адкуль прывёз вялікую падзяку ад жыхароў гэтых суседніх краін.
Паслужны спіс калектыву велізарны, а патэнцыял невычэрпаны нават напалову. Пераканайцеся самі: роснiнцы ўдзельнiчалi у 34-ым Міжнародным кірмашы фальклору ў г.Венгажэва (Рэспубліка Польшча) – 2010, у свяце пасёлка Эйшышкі і горада Шальчынінкай (Рэспубліка Літва) – 2010, у Нацыянальным тэлевізійным конкурсе аматарскіх музычных калектываў мастацкай самадзейнасці «Песнi маёй краiны» – 2012, у фестывалі фальклору «Ноч Купалы» у 2012 у Рэспубліцы Польшча, дэр . Нараўка, Падляскага ваяводства, у свяце «Ружанская брама» у 2012 на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў, у мерапрыемствах IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у 2012, у мерапрыемствах, прысвечаных 40-гадоваму юбілею рэгіянальнага ансамбля «Ліпск» і 40-годдзю дзейнасці супольнасці майстроў народнай творчасці, якія адбыввалiся ў Дзяржаўным культурным цэнтры гміны Ліпск ў Рэспубліцы Польшча у 2013 годзе, у запісе канцэрту «Эстрадны кактэйль» на беларускім тэлебачанні у 2013 годзе і інш.
Калектыў паступова абнаўляе свой рэпертуар, вядзе вялікую працу па папулярызацыі народных спеваў сярод моладзі, а асабліва таленавітых i заўзятых з iх запрашае ў лік удзельнікаў гурта.