Пралогам да мерапрыемства стала цытата Кіраўніка дзяржавы: «Трэба пражыць не толькі год, але і пяцігодку так, каб ганебна і сорамна не было перад будучымі пакаленнямі».
Адкрываючы нараду, Ігар Васільевіч адзначыў, што ўся дзейнасць прадпрыемства ў бліжэйшай перспектыве арыентавана на рэалізацыю стратэгічных задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы, — 17 студзеня падпісаны ўказ нумар 31, якім 2025 — 2029 гады аб'яўлены пяцігодкай якасці. Генеральны дырэктар зрабіў акцэнт: ні адна сфера дзейнасці завода не застанецца без увагі і стымулу для паляпшэння якасных паказчыкаў — менавіта высокія стандарты і павышаныя патрабаванні павінны стаць арыенцірам для прафесійнай дзейнасці кожнага работніка. Пастаўлена задача прапрацаваць эфектыўныя прапановы па ўкараненні метадаў і элементаў, якія забяспечаць чаканы вынік у сферы лічбавай трансфармацыі.
Адзначана: кожнае падраздзяленне павінна прадэманстраваць эфектыўнасць работы, гэта датычыцца і экспартнай палітыкі, і ўкаранення перадавых тэхналогій у вытворчасць, і ўдасканалення грамадскіх адносін. Неабходна стварыць такія ўмовы для самарэалізацыі асобы, каб кожны супрацоўнік мог прыносіць карысць сваёй краіне і заводу. У фокусе ўвагі — кантроль за дэбюракратызацыяй розных працэдур. Даручана з улікам рацыянальнасці і эфектыўнасці перапрацаваць стандарт, які датычыцца знаходжання дакумента ў рабоце.
Неад'емнай часткай эфектыўнай якаснай работы прадпрыемства з'яўляецца персанал, канкрэтна — яго інтэлектуальны патэнцыял. Ігар Ляшэнка падкрэсліў неабходнасць дынамічнага росту і развіцця прафесійных якасцей работнікаў, для чаго павінна быць распрацавана індывідуальная праграма па павышэнні кваліфікацыі на пяць гадоў.
Сацыяльна арыентаваная дзяржава бачыць адной з ключавых задач павышэнне якасці жыцця насельніцтва. Таму ў хуткім часе прафсаюзу трэба будзе сумесна з наймальнікам прааналізаваць і, магчыма, пашырыць пункты Калектыўнага дагавора, якія датычацца падтрымкі інстытута сям'і, прасоўвання прынцыпаў здаровага ладу жыцця, павышэння прававой культуры завадчан, умацавання традыцыйных маральных каштоўнасцей і развіцця шчырага пачуцця патрыятызму ў адносінах да сваёй радзімы. свайму прадпрыемству, сваёй сям'і.
Рэалізаваць задачы пяцігодкі якасці і зрабіць яе дзейснай можна толькі сумеснымі намаганнямі. Для гэтага, зазначыў генеральны дырэктар, неабходна разуменне кожным завадчанінам асабістай адказнасці за агульны вынік, за захаванне дасягненняў сваёй краіны і іх памнажэнне.
Даручана распрацаваць дэталёвы, а галоўнае, дзейсны і вымяраны план мерапрыемстваў, якія б працавалі на агульную для краіны і прадпрыемства справу па рэалізацыі палітыкі ў сферы павышэння якасці.
Пад «знакам якасці» прайшлі і выступленні астатніх дакладчыкаў. Так, дырэктар УП «АзотСэрвіс» Павел Лісоўскі, падаўшы справаздачу аб выкананні мерапрыемстваў, запланаваных на 2024 год, адзначыў, што з колькаснага пункту гледжання яны рэалізаваны. Аднак застаецца на парадку дня пытанне павышэння якасці паслуг, у тым ліку ў сферы грамадскага харчавання. Ігар Ляшэнка адзначыў неабходнасць пашырэння асартыменту страў здаровага харчавання, а таксама даручыў узяць на кантроль якасць прадукцыі: «Няма якасных прадуктаў — не будзе якаснай ежы».
Для ўсіх падраздзяленняў адзначана неабходнасць навядзення ідэальнага парадку на тэрыторыі, асабліва гэта актуальна ў год, аб'яўлены годам добраўпарадкавання. Аб работах на складах гатовай прадукцыі далажыў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Віктар Міхневіч. Асноўная частка работ завершана, склад сульфату амонію гатовы да прыняцця адгружанай прадукцыі. Частка прац на складах цэхаў карбамід-3 і карбамід-4 — па адмосцы, нацяжэнню сетак над прадукцыяй, па апрацоўцы тарцоў паддонаў — яшчэ на рознай стадыі свайго завяршэння.
З вынікамі праведзенай работы аддзела тэхнагляду філіяла «Завод Хімвалакно» выступіў начальнік АТН філіяла Вячаслаў Русак. Колькасны аналіз парушэнняў за 2024 год прадэманстраваў станоўчую дынаміку ў сферы іх скарачэння ў параўнанні з паказчыкамі 2023 года, у тым ліку і ў разрэзе асобных падраздзяленняў. Аднак характар адзначаных парушэнняў дэманструе нядбайнае стаўленне службовых асоб да сваіх абавязкаў, у тым ліку ў галіне вядзення дакументацыі, кантролю з боку кіраўніцтва. Генеральны дырэктар звярнуў увагу на неабходнасць эфектыўнага правядзення ў падраздзяленнях вытворчых нарад, дзе ў абавязковым парадку павінны быць строга абазначаны тэрміны выканання даручэнняў і праведзены маніторынг выканання тэрмінаў.
З каментарамі аб зменах, унесеных у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, выступіў начальнік юрыдычнага ўпраўлення Валерый Прэцкайла. Растлумачэнні тычыліся апошніх істотных комплексных змен у Закон ад 13/11.2023 №312-З «Аб змяненні кодэксаў» адносна правапрымяняльнай практыкі на прадпрыемстве ААТ «Гродна Азот». Валерый Баляслававіч спыніўся падрабязней на ключавых момантах, якія характарызуюць рэгуляванне адносін з контрагентамі, становішча крэдытораў і даўжнікоў, закранаюць спецыфіку пэўных відаў здзелак.
Традыцыйна завяршыў нараду інфармацыйны блок, дзе падвялі вынікі тыдня, насычанага мерапрыемствамі і падзеямі для завода, вобласці і краіны. Стартаваў новы адказны этап электаральнай кампаніі — датэрміновае галасаванне, які прыйдзе да свайго лагічнага фіналу ў нядзелю, 26 студзеня, у дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзень, які вызначыць нашу будучыню, стане зыходным пунктам для новых здзяйсненняў і перамог. Дзень, за які нам будучыя пакаленні скажуць «дзякуй». Галоўнае, рабіць свой выбар не эмоцыямі, а розумам, дасканала і крытычна вывучыўшы праграмы ўсіх кандыдатаў у Прэзідэнты і адказаўшы на пытанне: хто прыгожа гаворыць, а хто пацвярджае свае словы дзеяннямі?