Нястомная работа над паляпшэннем якасці ўсіх бізнес-працэсаў і павышэннем канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі — задача, над якой плённа працуе калектыў ААТ «Гродна Азот» на працягу ўсёй яго шматгадовай гісторыі. На старонках газеты «Гродзенскі хімік» пастаянна асвятляюцца слаўныя вехі паспяховага развіцця прадпрыемства, як у 2006-м, калі шматтысячны калектыў атрымаў значную ўзнагароду — сведчанне прызнання стабільнай і паспяховай працы, так і ў 2025-м! Якасныя тавары і паслугі — брэнд Беларусі і візітная картка беларускага экспарту.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на суісканне Прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці 2024 года прайшла ў Мінску. Конкурс стаў 26-м па ліку і прадэманстраваў шырокую ўцягнутасць розных галін эканомікі і бізнесу ў працэс павышэння эфектыўнасці і якасці працы. Прэмію традыцыйна прысуджаюць за дасягненне лепшых вынікаў у галіне кіравання вытворчасцю і бізнес-працэсамі, укараненне прагрэсіўных метадаў менеджменту якасці, забеспячэнне высокай якасці прадукцыі і паслуг. Сярод узнагароджаных — ААТ «Гродна Азот».
«Высокія вытворчыя паказчыкі і поспехі - гэта істотны ўклад ва ўстойлівае развіццё эканомікі нашай краіны, ва ўмацаванне яе вытворчага і тэхналагічнага патэнцыялу, — падкрэсліў намеснік Прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч.
— Не выпадкова брэнд Беларусі і візітная картка нашага экспарту — гэта якасныя тавары і паслугі. Вашы ўзнагароды — гэта вялікая заслуга і вялікая адказнасць, на вас раўняюцца ўсе астатнія. Важна не змяншаць тэмп. Перад усімі галінамі эканомікі стаяць напружаныя задачы, таму сёння неабходна не толькі вырабляць якасную прадукцыю, але і выгадна яе прадаваць. Для гэтага неабходна актыўна працаваць на знешніх рынках, шукаць новых партнёраў, прапаноўваць канкурэнтаздольную прадукцыю і паслугі». Старшыня Дзяржстандарта Алена Маргунова ўдакладніла, што ўзнагароды ўручаны 40 арганізацыям. З іх 14 сталі лаўрэатамі, столькі ж — пацвердзілі званне лаўрэата, 12 арганізацый прызнаны дыпламантамі конкурсу. У рамках цырымоніі ўзнагароджання найлепшых у Палацы Рэспублікі была арганізавана выстава прадпрыемстваў — удзельнікаў конкурсу. Экспазіцыю ААТ «Гродна Азот» наведаў Віктар Каранкевіч.
Першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ААТ «Гродна Азот» Сяргей Сілівонік на цырымоніі ўручэння Прэміі Урада адзначыў:
— Калі раней мы атрымлівалі ўзнагароды за якасную прадукцыю — поліамідную тэкстураваную нітку BCF, якую выпускае наш філіял «Завод Хімвалакно», і медыцынскі кісларод, то ужо сягодня — у цэлым за якасныя дасягненни ва усіх напрамках дзейнасці ААТ «Гродна Азот». Гэта цалкам заканамерна: прынцыпы якасці — аснова нашай місіі і стратэгіі развіцця.
Нагадаю, што «Гродна Азот» адным з першых буйных хімічных прадпрыемстваў сертыфікаваў сістэму менеджменту якасці вытворчасці асноўнай прадукцыі на адпаведнасць міжнароднаму стандарту ISO 9001. А яшчэ ў часы Савецкага Саюза, у 1971 — 1986 гадах, ГВА «Азот» было пастаянным пераможцам ці прызёрам сярод прадпрыемстваў «Саюзазота», а ў 1989-м атрымаў на вечнае захоўванне пераходзячы Чырвоны сцяг Міністэрства угнаенняў СССР і ЦК прафсаюза. Сёння прадукцыя ААТ «Гродна Азот» славіцца высокай якасцю ва ўсім свеце. Колькі разоў мы перамагалі ў конкурсе на суісканне Прэміі Урада — ужо не злічыць. Брэнд «Гродна Азот» — роўна якасць! Тым не менш мы абавязаны рухацца наперад і не сыходзіць з пастамента пераможцаў.
Па матэрыялах Белта, belchemoil.by